ЗАГАТО́ВАЧНЫ СТАН,

адзін з відаў пракатных станаў, на якім блюмы або зліткі пракатваюць у загатоўкі, што потым апрацоўваюцца на сартавых, трубапракатных і інш. спецыялізаваных станах. Адрозніваюць З.с. неперарыўныя, лінейныя і з паслядоўным размяшчэннем клецей; загатовачныя сартавыя і трубазагатовачныя.

Найб. пашыраны неперарыўныя З.с., якія ўстанаўліваюцца непасрэдна за блюмінгамі. На іх метал абціскаецца пачаргова ў клецях з верт. і гарыз. валкамі, атрымліваюць квадратныя, часам плоскія і круглыя загатоўкі. Станы аўтаматызаваны, кіруюцца з дапамогай ЭВМ, маюць прадукцыйнасць да 5 млн. т. загатовак за год. Лінейныя З.с. выкарыстоўваюцца пераважна для пракаткі загатовак з высакаякасных сталей, станы з паслядоўным размяшчэннем клецей — для пракаткі круглых трубных загатовак.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)